ГІСА́РСКАЯ ПАРО́ДА авечак, грубашэрсная, курдзючная, мяса-сальнага кірунку. Выведзена ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найбуйнейшая сярод мяса-сальных парод. Гадуюць у Таджыкістане і Узбекістане. Выкарыстоўваюць пры скрыжаванні з інш. курдзючнымі авечкамі.

Канстытуцыя моцная, з шырокімі і глыбокімі грудзямі, з высунутай уперад грудной косцю. Галава масіўная, гарбаносая, з падоўжанымі абвіслымі вушамі. На крыжавых касцях ляжыць вял. курдзюк, дзе адкладваецца тлушч. Бараны і авечкі бязрогія, скараспелыя. Масць пераважна цёмна-бурая, розных адценняў. Жывая маса бараноў 130—140 (зрэдку да 190) кг, матак 70—80 (зрэдку да 120) кг. Цэніцца мяса і асабліва сала курдзюка. Воўна грубая, выкарыстоўваецца на выраб кашмы і лямцу.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)